Палацава-паркавы комплекс Горватаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму сярэдзіны XIX ст., размешчаны з паўночна-ўсходняга боку г. Нароўлі (Нараўлянскі раён) на правым беразе ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1850 г. уладальнікам вакольных зямель заможным дваранінам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) як прыватная рэзідэнцыя і цэнтр вялізнага нараўлянскага маёнтка і належаў роду Горватаў да 1918 г., пакуль не быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Горватам. Быў самай шыкоўнай рэзідэнцыяй з усіх, якія належалі Горватам, меў прадметы мастацтва еўрапейскага значэння, і з’яўляўся адной з самых шыкоўных і значных дваранскіх сядзіб у Мінскай губерні Расійскай імперыі. У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). У часы Другой сусветнай вайны — нямецкая камендатура; палац быў разбомблены і згарэў. Пасля вайны і пэўнага аднаўлення ў будынку месцілася беларускамоўная школа, пазней школа-інтэрнат, з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне.
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Горватаў | |
---|---|
| |
51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нароўля |
Архітэктурны стыль | позні класіцызм; альтанка пры палацы — ампір альбо класіцызм |
Архітэктар | дакладна невядома; пры ўдзеле жонкі заснавальніка — Іфігеніі Горват (з роду Ратынскіх) |
Заснавальнік | Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) |
Будаўніцтва | 1850 |
Будынкі | |
палац • фантан • гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы • альтанка • парк | |
Вядомыя жыхары | Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868); Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903); Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935); Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911); Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928); Андрэй Раствароўскі (1899—1980) |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000536 |
Стан | руіны |
| |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аўтар праекта і будаўніцтва правіць
Дакладна не вядома, хто з’яўляецца архітэктарам праекта палаца. Паводле пазнейшых сведчанняў Антона Геранімавіча Кеневіча (1877—1960), у аздабленні палацавых пакояў прымала ўдзел сама жонка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) — Іфігенія Горват (з роду Ратынскіх), якая мела вялікую прыхільнасць да мастацтва і з веданнем справы падыходзіла да дэкарыравання інтэр’еру палаца.
Будаўніцтва двухпавярховага палацу ў стылі італьянскага позняга класіцызма на высокім беразе Прыпяці было скончана ў 1850 г., а само будаўніцтва адбывалася ў папярэднія гады. Паблізу палаца былі пабудаваны гаспадарчыя пабудовы (каменны леднік, драўляны флігель), стайня, каменная аднапавярховая аранжарэя і кветнік, а за каменнай сцяной за палацам з паўночнага захаду былі вытворчыя будынкі горватаўскага маёнтка Нароўля (бровар, свіран, стайні, фабрыка і г.д.). Адначасова з будаўніцтвам палацу праходзіла будаўніцтва парку каля палацу.
На тэрыторыі сядзібы акрамя палаца ў пазнейшыя часы былі ўзведзены каталіцкая капліца-пахавальня Горватаў, фантан, парадная стайня, брама, дом вартаўніка, ружанец, вежы і іншыя пабудовы.
У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) правёў новыя будаўнічыя мерапрыемствы па ўпрыгожванні палаца і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго, а ў 1899 г. на акцыянерным машынабудаўнічым заводзе Франца Крулля ў Рэвелі закупіў шмат «дроту і гаплікаў» для правядзення ў нараўлянскім маёнтку тэлефоннай лініі. І ў 1902 г. тэлефон быў пастаўлены. Асабліва маштабныя працы праводзіліся ў 1902—1914 гг., для чаго закупаліся будаўнічыя матэрыялы: жалеза і дрот у Мазыры (у фірме Кацмана), бляшаныя вырабы ў Кіеве (на заводзе бляшаных вырабаў М. І. Шлосберга), вялікая колькасць белага і «бемскага» шкла (у Кіеўскай канторы Мальдаўскага завода), фарбы (каляровыя і бронзавыя), прыборы для новых вокнаў і дзвярэй, вапна і цэмент у Кіеве (у краме Палянкоўскага), паліваная кафля, фрызы (белаглазураваныя), шэрыя неглазураваных куты, карнізы, тэракотавыя «базікі» (на Рыжскім фарфоравым заводзе), бэлькі, асфальтавы лак і г.д. А сукно, палатно, ваўняныя і іншыя матэрыялы закупляліся ў мануфактурнай суконнай краме Хаіма Давідовіча Літвінава. Работы выконвалі пераважна мясцовыя спецыялісты: печкавыя і кафляныя ў палацы і пры млыне выконваў Сяргей Іваноў, мулярныя Какоўкін, цяслярныя Мордух Хайфман, малярныя Аўгуст Мілер, а таксама іншыя мясцовыя майстры.
У пачатку ХХ ст. нараўлянскі палац, гэтак жа як і ўсе выдатныя гаспадарчыя і фабрычныя будынкі горватаўскага маёнтка, цудоўна выглядалі з боку Прыпяці, па якой госці параходам прыбывалі ў Нароўлю. Нараўлянская сядзіба Горватаў была найбольш велічнай і складанай ў кампазіцыйных адносінах сярод іншых сядзіб Горватаў (у Ліпаве, Барбарове, Галоўчыцах, Грушаўцы, Хабне, Жарах).
Архітэктура палаца правіць
Палац уяўляў сабой двухпавярховы будынак з умацаванымі сценамі таўшчынёй да 1 метра. Па цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў плоскія рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Вуглы дваровага фасада фланкіраваныя гранёнымі эркерамі. Развітыя лесвіцы ў мінулым падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Плоскасць сцен другога паверху па ўсім перыметры была ўпрыгожана пілястрамі. Галоўны фасад завершаны прамавугольным атыкам, на якім раней быў надпіс: "DIH 1850 г. " (абазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H). Галоўны фасад меў порцік з 6 тасканскімі калонамі: 2 сярэднія калоны стаялі асобна, а іншыя чатыры, якія падпіралі балкон, — парамі. Знутры палаца на балкон вялі тры вельмі высокія арачныя французскія вокны, змешчаныя паміж іанічнымі пілястрамі, здвоенымі па кутах рызаліту. Упрыгожаннем галоўнага фасада былі высокія дзверы з паўкруглымі завяршэннямі, якія выходзілі на верхні балкон, і здвоеныя пілястры. Акрамя іанічных пілястраў, элементамі ўпрыгожвання фасадаў палаца з’яўляліся таксама аконны дэкор, прафіляваны міжпавярховы карніз, а таксама кансольны карніз. Палац быў накрыты нізкім 4-скатным жалезным дахам, пафарбаваным у чырвоны колер.
На цокалях галоўнага (паўднёвага) фасада ляжалі бронзавыя ільвы ў натуральную велічыню, якія былі схаваны пад час нямецкай акупацыі ў 1941 г. і да нашага часу не знойдзены. Задні (паўночны) фасад меў двух’ярусны порцік (з трохкутным франтонам), у ніжняй яго частцы размяшчалася тэраса з лесвіцай, па баках якой на цокалях ляжалі два сфінксы.
Планіроўка палацу калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. На першым паверсе было 16 пакояў, а на другім — 10 пакояў. Пад першым паверхам мелася 8 скляпоў (сутарэнняў).
Інтэр’ер палаца правіць
Інтэр'ер палаца меў класічную планіроўку са шматлікімі памяшканнямі, калідорамі ў бакавых крылах палаца. У цэнтральнай частцы першага паверха мелася зала (хол) на шырыню порціка галоўнага фасада, а побач знаходзіліся бібліятэчнае памяшканне і чытальная зала (чытальня), вокны якіх выходзілі ў парк. Пакоі ў бакавых, ад цэнтральнай часткі, крылах размяшчаліся анфіладай, кожная з іх мела свой стыль. У афармленні інтэр’ера былі выкарыстаныя арачныя нішы.
Рэпрэзентатыўныя пакоі палаца мелі паркетныя падлогі, выкладзеныя рознымі спосабамі (рознымі малюнкамі) у кожным пакоі, з розных парод дрэў, а таксама мелі розныя люстры, апраўленні дзвярэй, каміны і разнастайныя па форме, узору і якасці рознакаляровыя кафляныя печы, якія ацяпляліся з боку калідора. Менавіта незвычайнай прыгажосці паркетныя падлогі больш за ўсё уражвалі гасцей палаца.
Кожны паверх меў некалькі ванных пакояў. Асабліва дзівосным быў ніз сцен у адным з ванных пакояў на другім паверсе: было такое ўражанне, што гэта чыстае глыбокае дно ракі, у якім плаваюць розныя рыбы большай і меншай велічыні і з якога вырастаюць водарасці. Панэлі ў пакоях, лесвічныя клеткі былі зробленыя са светлага дуба. Горваты любілі ўсякага роду надпісы і мастацкія выслоўі, якія былі напісаныя на сценах алеем. Напрыклад, на першым паверсе ў куточку каля сходаў быў надпіс: «Няма выніку без прычыны».
Пакоі палаца былі вельмі шчыльна завешаны мноствам сямейных партрэтаў Аскерак і Горватаў, а таксама карцінамі на ваенную тэматыку і краявідамі. Напрыклад, былі карціны аўтарства Яна Дамеля і Януарыя Сухадольскага. Архітэктар і дызайнер Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія і сваяцкія адносіны з гаспадарамі сядзібы, намаляваў эскізы сцэн з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі для аздаблення плафонаў бібліятэкі, які былі ўласна выкананы, верагодна, дызанерам Марыянам Жэгота-Янушайцісам. Палац аздаблялі бронзавыя работы санкт-пецярбургскага скульптара і мастака Хопіна, меліся мяккія крэслы (фатэлі) у стылі Луі-Філіпа I ці клубныя, крытыя светлай скурай.
Шафы бібліятэчнай залы (на першым паверсе) з зашклёнымі дзвярыма, якія вялі на тэрасу, і чатырма вокнамі былі запоўненыя шматтысячнымі тамамі кніг, пераважна выданняў ХVIII—ХІХ стст., старадрукамі, рукапісамі і архівамі Аскеркаў і Горватаў. Адзін з пакояў у паўночна-заходнім рызаліце на першым паверсе выкарыстоўвалася пад музей прыроды, дзе стаялі вакол сцен велізарныя шкляныя шафы, напоўненыя калекцыямі пудзілаў мясцовых палескіх птушак, звяроў, рыб і змей. У музейным пакоі была выдатная алебастравая столя, якая ўражвала наведвальнікаў: дзве намаляваныя алегарычныя выявы прадстаўлялі: адна — раку Дняпро, другая — Прыпяць. Адзін пакой меў столю ў выглядзе пазалочанай зоркі.
Найраскошнейшым па афармленні быў пакой бальнай залі, якая займала ўсю шырокую прастору цэнтральнай частцы палаца на другім паверсе. Вялікія шкляныя дзверы бальнай залы выходзілі як на паўднёвы, так і паўночны фасады, а чатыры высокіх люстэркі эфектыўна павялічвалі прастору залы. З правага боку ад бальнай залы ў паўночнай частцы палаца знаходзіўся «чырвоны» салон, галоўным упрыгожваннем якога была падлога: складзеная з паркета розных парод дрэў, яна уяўляла сабой кампазіцыю «арабескі», якая нагадвае ўсходнія дываны. Сцены «блакітнага» салона на другім паверсе былі абабітыя атласам сіняга колеру, а столя уяўляла сабой неба з залатымі зоркамі. Сентэнцыя «блакітнага» салона абвяшчала: «Дзіўна, што пад тваімі слядамі не растуць кветкі. Ты рай, ты май, ты вясна». На другім паверсе паўночнай часткі палаца быў шэраг парадных пакояў, аздабленне якіх канчаткова завяршылася толькі ў пачатку ХХ ст.: сцены былі ўпрыгожаны тынкавым ляпным дэкорам, выкананым у выглядзе рам, у сярэдзіне якіх размяшчаліся жывапісныя палотны. Для пакоя вялікай ядальні Тадэвуш Раствароўскі намаляваў больш 10 карцін.
У сутарэннях знаходзіліся кухні, пральні і службовыя пакоі.
Паркавая тэрыторыя правіць
Парк і ўяздная брама правіць
Парк пейзажнага тыпу плошчай 8,2 га быў разбіты адначасова з будаўніцтвам палаца, на роўнай тэрасе і канчаткова сфармаваўся да 1870 г. Цэнтральная алея даўжынёй каля 1 км ад уяздных варот (брамы) да палаца падзяляла парк на дзве няроўныя часткі. Парк меў з поўдня і захаду агароджу з цэглы. У абсадцы цэнтральнай алеі парка былі выкарыстаны таполя чорная, таполя канадская шэрая і таполя марыландская, а таксама ляшчына. Перад фасадам палацу быў створаны вялікі круглы газон: паблізу портыку на газоне раслі две ліпы, а па баках раслі два кусты персідскага бэзу, падстрыжаныя ў форме шара. Унутры парка былі ўчасткі розных дрэў і клумб, салітэраў і палян. Арганізацыя парка была заснавана на паслядоўнай змене звязаных паміж сабой ландшафтных участкаў. Парк вылучаўся мностам экзотаў, асабліва было многа шаўкоўніцы белай. Раслі сасна чорная, псеўдатсуга Мензіса, белая акацыя, конскі каштан, бяроза, бэз, ядловец, вязавік, спірэя.
Парадную частку палацу ўпрыгожвалі экзатычныя клён ясенялісты белаакаймлёны, лох вузкалісты, туя заходняя і інш. Уздоўж палацу раслі елкі калючыя блакітныя. Меліся чатыры баскеты з грабавымі алеямі, якія ўтварылі амаль злучаныя калідоры вышынёй да 3 метраў. У адной з алей расла таполя пятроўская. Галоўныя сцяжынкі ў парку мелі кальцавы маршрут па перыметру парка і былі заснаваны на прынцыпе раскрыцця дальніх перспектыў — на раку Прыпяць, сярэдніх і блізкіх — на паркавыя пейзажы. Маршрут пачынаўся ад паўночнага партэра палаца каля ракі, ішоў на ўсход да капліцы-пахавальні і альтанкі-веыж, далей дугой на поўдзень уздоўж ракі Нараўлянка ішоў да ўяздной брамы і адначасова да цёмнай яловай алеі ўздоўж цэглавай агароджы. За цэглавай агароджай з вежамі ў псеўдагатычным стылі ішла другая шырокая алея перпендыкулярна цэнтральнай алеі. Паўднёва-усходняя частка парку мела рэгулярную планіроўку, што было нехарактэрным для пейзажных паркаў.
У парку меўся участак-«школка», дзе вырошчвалі найболей каштоўныя пладова-ягадныя кусты, пладовыя дрэвы, экзатычныя дрэвы, кусты і кветкі.
У парку была створана таксама сажалка. Існуе легенда, што ў ёй патанула адзіная дачка Даніэля Ігнатавіча Горвата. Няўцешны бацька загадаў засыпаць вадаём і засеяць гэтае месца травой. З дарогі да варот сядзібы вялі два рады елак.
У пачатку XX ст. былі пабудаваны новыя ўяздныя вароты па праекце Тадэвуша Раствароўскага — брама з калонамі, аркамі і простымі пілонамі — з цэлгы, патынкаваная. Побач быў пабудаваны дом вартаўніка ў стылі псеўдаготыкі. Да цяперашняга дня дом вартаўніка не захаваўся, а брама ў савецкі час была патынкавана шмат разоў і набыла больш аб’ёму. Вакол брамы ў горватаўскія часы раслі ў дэкаратыўных мэтах сіметрычныя групы шаўкоўніцы з грушай, высаджаныя ў форме трохвугольніка.
Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да плацу і была арыентавана на поўнач з выгінам на ўсход. Прыблізна пасярэдзіне каштанавай алеі была стайня, дзе трымалі скакавых коней для выездаў. У свой час парк быў насычаны элементамі малых архітэктурных форм: капліца-пахавальня Горватаў, альтанка, фантан, вежы і інш.
Пасля нацыяналізацыі маёнтка Горватаў савецкай уладай у 1920 г., сядзібны парк стаў гарадскім публічным паркам культуры і адпачынку. На месцы ранейшай сажалкі быў створаны стадыён для футбола. У 1980-х гг. у парку былі ўстаноўлены электрычныя атракцыёны: карусель, арэлі і інш. На тэрыторыі парку таксама месціліся тыр, хлебная крама, танцавальная пляцоўка, сцэна, рачны вакзал, кафэ «Брыз» і прыстань на правым беразе Прыпяці. Парк ад ракі Нараўлянкі з поўдня быў абкружаны агароджай з чыгуну, якая вяла на паўночны-захад да кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін».
Пачаткова высаджаных Горватамі дрэў у цяперашнім парку засталося нямнога. Цяпер у парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэў: дуб, ясень, ліпа, елка, сасна, вярба. І пераважаюць маладыя пасадкі. Планіроўка парка стала рэгулярнай, а не пейзажнай.
Капліца правіць
Ва ўсходняй частцы парку сярод густых дрэў паблізу палацу і берагу Прыпяці была невялікая мураваная каталіцкая капліца-пахавальня роду Горватаў у неагатычным стылі. Горваты былі католікамі, а найбліжэйшы касцёл знаходзіўся ў 35 км ад Нароўлі. Таму пабудова выкарыстоўвалася як хатняя капліца для набажэнстваў сям’і Горватаў і іх службітаў-католікаў. Капліца мела рызу, касцёльную бялізну, фісгармонію, кадзіла, а таксама абраз (намаляваны Тадэвушам Раствароўскім).
Пад палогай капліцы быў склеп-крыпта для пахавання членаў сям’і Горватаў. Пахавана там было толькі некалькі асоб, у тым ліку цела сына Эдварда Артуравіча Горвата Даніэля (1892—1917), які памёр вясной 1917 г. у Хельсінкі (Фінляндыя). Да нашага часу тут захавалася толькі каменнае надмагілле аднаго з членаў сям’і Горватаў. Сама капліца з рэшткамі нябошчыкаў была вымыта ракой Прыпяць у 1979 г. падчас паводкі і не захавалася да нашага часу.
Мураваная альтанка і драўляная альтанка правіць
У парку каля левага берагу рэчкі Нараўлянкі, дзе яна ўпадае ў Прыпяць, Даніэлем Горватам была пабудавана своеасаблівая мураваная альтанка-вежа (з цэглы і патынкавана), якая месцілася блізка каля капліцы-пахавальні Горватаў і была звязана з капліцай сваім прызначэннем. Мураваная альтанка ніколі не служыла бяседкай ці маяком на Прыпяці, а мела толькі адну функцыю — сакральную і абярэгавую: у альтанцы знаходзілася скульптура Хрыста, які нёс на сабе крыж, — кампазіцыя сімвалізавала шлях Хрыста на Галгофу. Скульптура Хрыста ў савецкія часы была вынята з альтанкі і выкінута як непатрэбная.
Альтанка, якая ўяўляе сабой трох’яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне ў стылі ампір альбо класіцызму, вылучаецца дасканаласцю прапорцый і стройнасцю форм. Ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздоблены 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордара, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш. З альтанкі адкрываецца цудоўны від на месца ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць.
Акрамя мураванай альтанкі (сакральнага значэння), паблізу Прыпяці на пагорку каля палацу мелася драўляная альтанка-бяседка, якая ўяўляла сабой слуп з васьмісхільным дахам і з лаўкамі вакол яго.
Тэнісны корт правіць
З заходняга боку цэнтральнага газону ў парку меўся забетаніраваны тэнісны корт, які на зіму засыпаўся мятровым слоем сухога лісця, каб не трэскаўся ад марозу. У тэніс гулялі ўсе дарослыя жыхары палацу. Бавіліся і ў кракет. Са з’яўленнем электрычнасці ў сядзібе гульні праходзілі да позняга вечара.
Фантан правіць
Шырокая лесвіца з боку фасада палаца, арыентаванага на раку Прыпяць, вяла да тэрасы, на якой размяшчаўся мураваны фантан, пабудаваны ў стылі ампір, — з цэглы і патынкаваны. Фантан уяўляў сабой басейн са скругленымі вугламі, з двух бакоў абрамлены паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манументальнымі тронамі на ляпных ільвіных лапах. (Цяпер жыхары Нароўлі звычайна назваюць гэтыя троны «панскімі крэсламі»). Па цэнтры басейна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.
Фантаны былі характэрны для еўрапейскіх рэгулярных паркаў, але не атрымалі шырокага распаўсюджання ў паркабудаўніцтве Беларусі ў тыя часы і сустракаліся вельмі рэдка — толькі ў сядзібах Бачэйкаве, Дубоі, Нароўлі і Сёмкаве.
Яшчэ адзін мураваны фантан быў пабудаваны не на тэрыторыі сядзібы, а ў мястэчку Нароўля — побач з драўляным жылым домам Юзафа Ліневіча (Ляневіча) 1912 года. Рэшткі таго фантану захаваліся да нашага часу.
Гаспадарчыя пабудовы правіць
У палацава-паркавы ансамбль уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы. На паўночным усходзе ад сядзібы размяшчаўся ружоўнік, на захадзе — лядоўня (студня), кладоўка («аптэка») і аранжарэя.
Стайня, дзе трымалі скакавых коней, была драўлянай, а яе сярэдняя частка, якая служыла жыллём для яе апекуна, была мураванай. За агароджай побач з палацам знаходзіўся «фальварак» маёнтка: мураваная вінакурня, стайні для цяглавых коней, кароўнікі, кандытарская фабрыка і інш.
Кандытарская фабрыка правіць
У 1913 г. на тэрыторыі сядзібы ў фальварку — побач з палацам, за агароджай — Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў кандытарскую фабрыку. У савецкія часы фабрыка была нацыяналізавана ўладамі без кампенсацыі Горватам і атрымала ў 1925 г. назву «Чырвоны Мазыранін». Да цяперашняга часу на тэрыторыі фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» захаваліся вытворчыя будынкі фабрыкі Эдварда Горвата, зробленыя з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рысы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы).
Гістарычныя падзеі правіць
У 1876 г. на тэрыторыі парку нараўлянскага палаца Горватамі быў пахаваны дваранін-каталік Андрэй Ліневіч (1814—1876), адміністратар нараўлянскага маёнтка Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903).
У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы пражываў на першым паверсе ў сярэднім пакоі направа ад ад холу (цэнтральнага пакоя) выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку каля нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе.
Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі, паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі, таму жанчыны з палаца выехалі на той час у маёнтак Вадовічы, а дзеці — у маёнтак Рудакоў.
У 1916 г. у нараўлянскім палацы адбылося гучнае ва ўсім беларуска-літоўскім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), дачкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і. У якасці пасагу ад Аляксандры Горват горватаўскі палац і значны маёнтак Нароўля прызначаўся яе мужу Станіславу Ваньковічу, але яны так і не былі перададзены Ваньковічам да 1917 г. Бацька Аляксандры Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) валодаў маёнткам да 1917 г. і палацам да 1918 г., калі палац і маёнтак былі нацыяналізаваны савецкімі ўладамі.
У сакавіку 1920 г. польскае войска ўвайшло ў Нароўлю, куды вярнуліся і многія памешчыкі (у тым ліку Горваты), якім была вернута іх былая зямельная маёмасць, адабраная раней распараджэннямі рэвалюцыйных улад. 27 чэрвеня 1920 г. па рацэ з поўдня да мястэчка падышоў бальшавісцкі бронепараход «Геройскі» Дняпроўскай ваеннай флатыліі, які сваімі стрэламі выгнаў польскае войска. Нараўлянскія Горваты пасля чарговай нацыяналізацыі нараўлянскай маёмасці выехалі ў Польшчу, дзе Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў маёнткам Горжычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве і жыў у неарэнесансавым палацы ў Горжычках, якія ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921).
У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). Ніякіх будаўнічых мерапрыемстваў, акрамя невялікіх рамонтаў, у палацы не праводзілася.
У час Другой сусветнай вайны, 27 жніўня 1941 г. немцы захапілі горад, у палацы месцілася нямецкая камендатура. У жніўні 1942 г. савецкія партызаны знішчыні мясцовы фашысцкі гарнізон. Пры вызваленні Нароўлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1943 г. будынак значна пацярпеў: пажарам, распачатым пасля бамбардзіроўкі, былі знішчаны перакрыцці, дах, пашкоджаны вонкавы дэкор будынка, а таксама амаль цалкам знішчаны інтэр’еры і прадметы будынка.
У пачатку 1950-х гг. будынак былога палацу быў рэканструяваны з мэтай прыстасавання яго пад беларускамоўную школу, а з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка быў ўзведзены новы корпус. Будаўнічыя работы праходзілі без уліку былой гісторыі палаца, таму многія страчаныя ў 1943 г. архітэктурныя элементы і вонкавы дэкор былога палацу не былі адноўлены. Пазней у будынку была школа-інтэрнат, з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
У 1992—1994 гг. спецыялісты Гомельскай абласной праектнай майстэрні (пад кіраўніцтвам В. І. Мелеха) зрабілі абмеры і працоўныя чарцяжы будынка і праект аднаўлення, які прадугледжваў рэстаўрацую фасадаў з аднаўленнем дэкаратыўных элементаў і перапланіроўку ўнутранай прасторы палаца, а пасля стварэння грамадска-культурнага цэнтра горада Нароўлі (для правядзення выставак, канцэртаў, культурных сустрэч), «Цэнтра рамёстваў», кафэ-бара, актавай залы, більярднай. Але вытворчыя работы ў той перыяд не былі пачаты і стан пакінутага будынка толькі значна пагоршыўся. Новы корпус з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка было палаца быў разбураны.
У 2006 г. група спецыялістаў (пад навуковым кіраўніцтвам архітэктара Алены Уладзіміраўна Ваяводскай) ААТ «Праектрэстаўрацыя» пачала карэкціроўку праекта аднаўлення палаца, але ў сувязі з прыпыненнем фінансавання карэкціроўка не была звершана.
Продаж руін будынка былога палаца і рэстаўрацыя правіць
Звяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват (нар. у 1983 г.) з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата), нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.
Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічала падлога і вокны.
12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка былога палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана. Акрамя нерухомасці, пакупнікам таксама прадастаўлена права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 1 га тэрмінам на 50 гадоў.
У мастацтве правіць
Дзесьці пасля 1949 г. Мечыслаў Ялавецкі (1876—1963) малюе акварэль «Нароўля. Палац над Прыпяцю. Мазырская зямля, Палессе».
Летам 1982 г. у Нароўлі кінастудыя «Беларусьфільм» здымала большасць сцэн кінастужкі «Культпаход у тэатр» (рэжысёр Валерый Давідавіч Рубінчык), у тым ліку каля нараўлянскай альтанкі, у клубе фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» і будынку былога палаца Горватаў.
У 2009 г. Адам Глобус (нар. 1958) малюе карціну «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка Чырвоны мазыранін».
Зноскі
- Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 67.
- ↑ Стало известно, кто купил наровлянский дворец Горватов. Это писатель Андрей Горват
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Тугай, У. В. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 107.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108—109.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108—109.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 110—111.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 111.
- Дворец в Наровле: история и реалии
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 112.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. — Минск, 1981. — С. 112.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 156.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Белоруссии. — Минск, 1982. — С. 101.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Туристические маршруты
- Панские кресла: возле дворца
- Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. — Минск, 1981. — С. 52.
- Наровля. Фонтан
- Парк — это гордость наровлян
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 20.
- ↑ Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 26.
- Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]. — Минск : БелЭн, 2012. — С. 144.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 72.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 30.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- Дворец в Наровле: история и реалии
- «Я — дзясятае, юбілейнае пакаленне Горватаў у Прудку»(недаступная спасылка). з першакрыніцы 6 снежня 2022. Праверана 19 чэрвеня 2022.
- «Главное — спасти его от разрушения». Писатель Андрей Горват вместе с друзьями купил дворец Горваттов в Наровле
- Наровлянский дворец Горваттов продан на электронных торгах
- Спыніць час. Нароўля, палац Горватаў
- Нароўля. Знаёмства з Гомельшчынай
- Как Андрей Горват с волонтерами восстанавливает дворец в Наровле
- «Главное — спасти его от разрушения». Писатель Андрей Горват вместе с друзьями купил дворец Горваттов в Наровле
- NAROWLA Pałac nad Prypecią ziemia mozyrska, Polesie
- Адам Глобус «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка „Чырвоны мазыранін“»
Літаратура правіць
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. / А. Н. Кулагин. — Минск : Наука и техника, 1981. — 132 c.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. — Минск : Ураджай, 1989. — 247 с.
- Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. — Минск : Полымя, 1982. — 222 c.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi / A. Urbański. — Warszawa : St. Niemiry Syn, 1928. — 161 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
Спасылкі правіць
- Усадьба Горваттов. Наровля. Исторический таймлапс // alarmout.livejournal.com
- БЛЕСК И ТАЙНЫ НАРОВЛЯНСКОГО БРИЛЛИАНТА ГОРВАТТОВ, КОТОРЫЙ КУПИЛ ГОРВАТ // planetabelarus.by
- Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Увидеть, пока не развалилось! Рассматриваем в деталях «жемчужину Наровли» // realt.onliner.by
- «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» // youtube.com
- Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля) на сайце «Архіварта»
- Дворец в Наровле: история и реалии // ais.by
- Усадьба Горваттов в Наровле. Mlife отправился по следам былой роскоши // mlife.by