Іван Сцяпанавіч Лупіновіч (6 ліпеня 1900, вёска Шацк, Ігуменскі павет, Мінская губерня — 9 кастрычніка 1968) — беларускі вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі, першы і адзіны прэзідэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства. Акадэмік АН БССР (1947), акадэмік Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР (1957—1961), доктар сельскагаспадарчых навук (1944), прафесар (1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1951). Выконваючы абавязкі Прэзідэнта Акадэміі навук БССР (1951—1952).
Іван Сцяпанавіч Лупіновіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 6 ліпеня 1900 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 9 кастрычніка 1968 (68 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | географ |
Навуковая сфера | глебазнаўства, аграхімія і фізічная геаграфія |
Месца працы |
|
Навуковая ступень | доктар біялагічных навук і доктар сельскагаспадарчых навук |
Альма-матар |
|
Навуковы кіраўнік | праф. В. Г. Касаткін |
Вядомыя вучні | Мікалай Мікалаевіч Бамбалаў, Іосіф Міхайлавіч Багдзевіч і Валерый Станіслававіч Аношка |
Вядомы як | глебазнавец, географ, прэзідэнт АСГН БССР |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія правіць
У 1914 годзе паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1918 годзе — у Мінскае політэхнічнае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча І. C. Лупіновіч паступае на глебава-агранамічнае аддзяленне Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Яшчэ студэнтам працуе малодшым навуковым супрацоўнікам кафедры глебазнаўства, бярэ ўдзел у экспедыцыях пад кіраўніцтвам прафесара В. Г. Касаткіна па вывучэнні глебаў Беларусі. У гэты час з’явіўся яго першы навуковы артыкул «Умовы здабычы вапны і яе значэнне для вапнавання глебаў БССР».
Пасля заканчэння інстытута І. С. Лупіновіч працуе некаторы час аграхімікам Беларускай доследнай агранамічнай станцыі, а ў 1926 годзе запрошаны працаваць у Маскоўскі глебавы інстытут. З 1930 года да 1934 года ён узначальвае глебавую экспедыцыю Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута ўгнаенняў і аграглебазнаўства, адначасова выкладае глебазнаўства ў Маскоўскім гідрамеліярацыйным інстытуце. У гэты перыяд з’яўляюцца навуковыя працы І. C. Лупіновіча, прысвечаныя пытанням распаўсюджвання і ўгнаення глебаў Вяцкай губерні і Заходняй вобласці.
У 1934 годзе І. С. Лупіновіч быў абраны на пасаду загадчыка кафедры агульнага земляробства Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1935 годзе зацвярджаецца ў вучоным званні выконваючага абавязкі прафесара, яму прысуджана навуковая ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. І. С. Лупіновіч паспяхова спалучае педагагічную працу з навукова-даследчай. Кафедра, якой ён кіраваў, праводзіла шырокія даследаванні пытанняў акультурвання дзярнова-падзолістых глебаў. 3акладаліся вопыты па эфектыўнасці ўнясення ўгнаенняў пад розныя культуры, па распрацоўцы новых агратэхнічных прыёмаў вырошчвання сельскагаспадарчых культур. У навуковую працу ўключыліся не толькі супрацоўнікі, але і студэнты кафедраў земляробства, аграхіміі, глебазнаўства, раслінаводства.
У 1938 годзе І. С. Лупіновіч запрошаны на працу ў Савет па вывучэнні вытворчых сіл АН СССР у Маскву, працуе спачатку кіраўніком групы па прыродна-гістарычным раянаванні СССР, а з 1939 года — і вучоным сакратаром Савета. Пад яго кіраўніцтвам праводзяцца экспедыцыйныя даследаванні Сярэдняй Азіі, Паволжа, Прыкам’я, Кабардзінскай і Дагестанскай АССР і іншых раёнаў краіны з мэтай іх прыродна-гістарычнага раянавання, вывучэння прыродных рэсурсаў і зямельнага фонду.
Асабліва вялікае значэнне ў час Вялікай Айчыннай вайны мела праца І. C. Лупіновіча ў складзе Камісіі АН СССР па мабілізацыі для абароны краіны рэсурсаў і, у першую чаргу, па арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў Сярэдняй Азіі і Паволжы. За гэты час напісаў 12 навуковых прац, а ў 1943 годзе паспяхова абараніў у Казанскім дзяржаўным універсітэце дысертацыю на званне доктара сельскагаспадарчых навук на тэму: «Прыродна-гістарычнае раянаванне СССР».
У першыя пасляваенныя гады (1945—1947) з’яўляўся вучоным сакратаром Савета па вывучэнні вытворчых сіл Акадэміі навук СССР і начальнікам Арала-Каспійскай комплекснай экспедыцыі. У 1947 годзе Акадэмія навук СССР выпусціла фундаментальную працу І. С. Лупіновіча «Прыродна-гістарычнае раянаванне СССР» (суаўтар — С. Г. Струмілін, навуковы рэдактар — Д. Г. Віленскі).
У 1947 годзе пачынаецца апошні — беларускі — перыяд жыцця і творчасці І. С. Лупіновіча. У гэтым годзе ён быў абраны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР і пераехаў жыць у Мінск. У Навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і воднай гаспадаркі АН БССР І. С. Лупіновіч арганізаваў навуковую лабараторыю фізікі і біяхіміі тарфяна-балотных глебаў і пачаў праводзіць глыбокія даследаванні па гэтай праграме. Вынікам даследаванняў стала манаграфія «Тарфяна-балотныя глебы БССР і іх урадлівасць» (1952 год, суаўтар — Т. Ф. Голуб). Гэта была фактычна першая манаграфічная зводка, якая абагульніла і развіла дасягненні глебазнаўства ў дачыненні да тарфяна-балотных глебаў. На вялікім фактычным матэрыяле паказана роля прыродных прычын у фарміраванні балот і змяненнях тарфяных глебаў пры асушэнні. У выніку даследаванняў зроблена выснова, што пад уздзеяннем гаспадарання ўрадлівасць тарфяна-балотных гле6аў можа не толькі не памяншацца, а нават пэўны час павялічвацца.
У 1950 годзе І. С. Лупіновіч выбраны загадчыкам кафедры глебазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтую пасаду ён займаў да 1968 года. Тут ён чытаў лекцыі па глебазнаўстве, асновах аграноміі, фізіка-геаграфічным раянаванні, асновах меліярацыі і інш.
У 1951—1952 гадах І. С. Лупіновіч выконваў абавязкі прэзідэнта АН БССР.
З утварэннем у 1957 годзе Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР І. С. Лупіновіч абраны яе прэзідэнтам. За час работы на гэтай пасадзе (да 1961 года) ім створаны фактычна новы цэнтр сельскагаспадарчай навукі Беларусі.
У 1961 годзе І. С. Лупіновіч канчаткова пераходзіць працаваць загадчыкам кафедры глебазнаўства ў БДУ, адначасова з’яўляючыся навуковым кансультантам Лабараторыі фізікі і біяхіміі забалочаных і тарфяна-балотных глебаў Беларускага НДІ глебазнаўства. У 1962 годзе пры кафедры глебазнаўства БДУ ім створана навукова-даследчая лабараторыя глебавай біяхіміі. Тут упершыню пачалі вывучацца пытанні мікраэлементнага складу глебаў, парод, вод, расліннасці Беларусі. Па гэтых праблемах пад кіраўніцтвам І. С. Лупіновіча падрыхтаваны дзве доктарскія і больш за 10 кандыдацкіх дысертацый, напісана манаграфія і складзены дзясяткі карт Беларусі. Такім чынам, ім была створана беларуская школа глебазнаўцаў-біяхімікаў з цэнтрам у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Навуковы і практычны ўклад правіць
Работы ў галіне глебазнаўства і земляробства. Распрацаваў методыку комплекснага прыродна-гістарычнага раянавання тэрыторыі СССР для сельскагаспадарчага выкарыстання і склаў карты. Вывучаў генезіс, фізіка-гістарычныя і біялагічныя ўласцівасці забалочаных і тарфяна-балотных глебаў і шляхоў павышэння іх урадлівасці; даследаваў агра-і біяхімічныя ўласцівасці глеб, глебавае харчаванне раслін.
Заснавальнік і першы старшыня Навуковай рады Беларускага геаграфічнага таварыства (1954—1957). Садзейнічаў пашырэнню і папулярызацыі геаграфічных ведаў пра БССР, пры яго непасрэдным удзеле быў адкрыты першы абласны аддзел Таварыства — ў Магілёве (1959).
Апублікаваў звыш 120 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфіі. Падрыхтаваў 7 дактароў навук і больш за 50 кандыдатаў навук.
Узнагароды і ўшанаванне правіць
Узнагароджаны ордэнам Леніна (1951), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1960), Чырвонай Зоркі (1945), «Знак Пашаны», медалямі. Яго імем названа Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, якая зараз уваходзіць у склад НАН Беларусі.
Асноўныя працы правіць
- Естественноисторическое районирование СССР. М.-Л., 1947 г. (сумесна з С. Г. Струміліным)
- Тарфяна-балотныя глебы БССР і іх урадлівасць. Мн., 1952 (сумевсна з Т. Ф. Голуб)
- Преобразование природы Полесской низины. М., 1953 (сумесна з С. Г. Скарапанавым, З. М. Дзянісавым)
- Торфяно-болотные почвы БССР и их плодородие. 2 изд. Мн., 1958 (сумесна з Т. Ф. Голуб)
- Па Беларускім Палессі: геаграфічныя нарысы. Мн., 1958 (сумесна з А. Х. Шклярам)
- Змяненне фізіка-хімічных уласцівасцей тарфяна-балотных глебаў пад уздзеяннем меліярацыі і сельскагаспадарчага выкарыстання. Мн., 1969
- Микроэлементы в почвах БССР и эффективность микроудобрений. Мн., 1970 (сумесна з Г. П. Дубікоўскім)
Гл. таксама правіць
Заўвагі правіць
Літаратура правіць
- Аношка В. С. Акадэмік Іван Сцяпанавіч Лупіновіч: да 110-годдзя з дня нараджэння / Валерый Аношка // Геаграфія: праблемы выкладання. 2010. — № 4. — С. 58—59.
- Лупіновіч Іван Сцяпанавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 438. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі правіць
- Иван Степанович Лупинович (к 110-летию со дня рождения // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя аграрных навук. — 2010. — № 3. — С. 118—119.
- Кафедре почвоведения БГУ — 80 лет: этапы, направления и результаты деятельности / Сост. В. С. Аношко (и др.). — Минск: РУП «Проектный институт Белгипрозем», 2013. — 28 с. 8 сакавіка 2019.
- Іван Сцяпанавіч Лупіновіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Лупіновіч Іван Сцяпанавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»