Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага — надмагільны помнік на вясковых могілках у в. Гароднікі Ашмянскага раёна, побач з капліцай. Помнік пастаўлены на магіле знакамітага навукоўца Андрэя Снядэцкага, якога называлі «бацькам польскай хіміі», прафесара Віленскага ўніверсітэта, медыка і эсэіста. Помнік Снядэцкага ў Гародніках з’яўляецца адным з найлепшых надмагілляў свайго перыяду ў Беларусі, што дайшлі да нашых дзён. Незвычайна яно і тым, што ад моманту ўсталявання яму надавалася даволі шмат увагі, таму да нашых дзён дайшлі яго выявы з розных перыядаў.
Помнік | |
Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага | |
---|---|
54°22′17″ пн. ш. 25°51′28″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | ампір |
Дата пабудовы | 1839 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Д000067 |
| |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі прысвоены помніку рашэннем Рады 28.08.2003 № 88 і пастановай Савета Міністраў 14.05.2007 № 578.
Гісторыя правіць
Андрэй Снядэцкі памёр пасля доўгай хваробы 11 мая 1838 г. у Вільні, на вуліцы Вялікай, у так званым Доме Франка (сёння вул. Дзіджоі, 1), дзе ён пражываў з 1823 г. На чацвёрты дзень, 15 мая, яго труна была перанесена ва ўніверсітэцкі касцёл Св. Янаў. Жалобнае набажэнства адправіў біскуп Цывінскі, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі духоўнай акадэміі, дыцэзіяльнай семінарыі, усіх размешчаных у Вільні кляштараў. У некралогу Снядэцкага паведамлялася, што ў жалобных мерапрыемствах узялі ўдзел 20 тысяч чалавек, (праўда, у пазнейшых крыніцах называлася і больш сціплая лічба — некалькі тысяч). На другі дзень, 16 мая, жалобныя мерапрыемствы працягнуліся. Імшу правёў біскуп Клагевіч, пасля чаго пахавальнае казанне прачытаў кс. Людвіг Габрыэль Трынкоўскі. Па яе завяршэнні труна з целам Андрэя Снядэцкага адправілася ў свой апошні шлях. Студэнты памерлага прафесара пранеслі яе на плячах праз увесь горад, праз Вострую браму да таго месца, дзе дарога паварочвала на Ашмяны. Тут труна была перакладзена на воз і працягнула свой далейшы шлях да родавага маёнтка, тут жа рукамі студэнтаў быў насыпаны курган, за якім замацавалася назва «Анджэёўка» (польск.: Jędrzejówka). Да нашага часу ён не захаваўся.
Цела Андрэя Снядэцкага быў перавезены ў маёнтак сваёй сям’і Болтуп побач з якім і быў пахаваны на невялічкіх могілках в. Гароднікі, каля магілы сваёй жонкі Канстанцыі, памерлай у 1830 г. Праз год яго сын, Юзаф Снядэцкі, ушанаваў памяць бацькі і маці, паставіўшы над іх магілай помнік з белага мармуру. Гэты факт асобна адзначаўся ў большасці публікацый, прысвечаных славутаму навукоўцу, што сведчыць пра значэнне, якое сучаснікі яму надавалі. Магілы Канстанцыі і Андрэя Снядэцкіх аказаліся апошнімі пахаваннямі прадстаўнікоў роду на могілках — астатніх Снядэцкіх ужо хавалі ў крыпце новага драўлянага касцёла, пабудаванага ў 1864 г.
У маі 1876 г. маёнтак Болтуп наведаў Напалеон Орда. 20 мая ён намаляваў сядзібны дом Снядэцкіх, 21 мая — могілкі ў Гародніках. Створаная ім акварэль з’яўляецца першай вядомай нам выявай помніка Андрэя Снядэцкага і дазваляе ўявіць яго выгляд у гістарычным ландшафце XIX ст.. Помнік, як і сёння, акружаны агароджай, якая, верагодна, была пастаўлена ў адзін з ім час. Могілкі амаль пустыя, толькі справа намаляваны тры магільныя насыпы з малымі драўлянымі крыжамі — верагодна, пахаванні сялян і слуг. Крыху далей, за дрэвамі бачны касцёл. Могілкі абнесены агароджай і маюць невялікі дрэвастой. Нягледзячы на тое, што помнік кампазіцыйна займае толькі левую частку выявы, менавіта ён з’яўляецца асноўным аб’ектам малюнка, пра што сведчыць подпіс: «Гароднікі. Пахаванне Андрэя Снядэцкага».
Надмагільны помнік Андрэя Снядэцкага быў узяты пад ахову дзяржавай яшчэ ў савецкі перыяд, што было рэдкасцю для помнікаў часоў Расійскай імпсрыі, якія знаходзяцца на могілках.
Апісанне правіць
Помнік Андрэя Снядэцкага вылучаецца і сваімі мастацкімі характарыстыкамі. Па форме ён уяўляе з сябе вертыкальную, квадратную ў сячэнні тумбу, на якую пастаўлена вялікая урна, завершаная крыжам. Такі кампазіцыйны тып надмагілляў сустракаецца ў Беларусі параўнальна рэдка. Яго ўзоры захаваліся таксама на каталіцкіх могілках у Пінску і Гродне (Фарныя), а таксама ў шэрагу іншых месцаў. База помніка, тумба, па форме ўзыходзіць да рымскага ахвярніка, які ў адаптаваным выглядзе атрымаў пашырэнне на могілках Усходняй Еўропы ў другой палове XVIII — сярэдзіне XIX ст. Зверху база дэкаравана карнізам, над якім па кутах устаўлены акратэрыі з паўкруглымі франтоннымі элементамі над імі. На трох баках базы знаходзяцца інскрыпцыі з імёнамі памерлых і днямі смерці, паведамленнем пра тое, што помнік пастаўлены сынам Юзафам. Інскрыпцыі выкананы з выкарыстаннем дэкаратыўнага гатычнага шрыфту. 3 чацвёртага боку выразана выява герба «Ляліва», да якога належалі Снядэцкія. Над гербавым полем знаходзяцца карона і высокі плюмаж, яно акружана вянком з лаўровых лістоў.
Тэкст інскрыпцый наступны:
1 бок | 2 бок | 3 бок |
---|---|---|
Jędrzej | Konstancya | Ku wiecznej |
Дамінанта помніка, урна з крыжам, яшчэ больш насычана дэкаратыўнымі элементамі і сімволікай. Ніжняя яе частка вырашана паўсферай, дэкарыраванай эўкаліптавымі лістамі. Зверху на ёй размяшчаецца васьмігранны аб’ём. На меншых гранях выразаны пластычныя выявы макаў. На адной з большых граняў — пластычная выява абвітага змяёю кія Асклепія, накрытага вянком са стужкамі знізу і распраўленымі крыламі зверху. На грані з адваротнага боку — выява змяі, якая ўтварае кола, кусаючы ўласны хвост. Унутры прасторы, якую яна замыкае — выява хімічнай лабараторыі з шафай з кнігамі, печчу, перагонным апаратам, тумбай і рэтортамі. Зверху па вуглах апісаны аб’ём дэкараваны акратэрыямі, паміж імі — дэкаратыўныя франтоны; на адным з іх выява скрыжаваных факелаў павернутых агнямі ўніз, на супрацьлеглым — клепсідра (пясочны гадзіннік) з крыламі. Зверху ўрну вянчае лацінскі крыж.
Нягледзячы на тое, што фактычна помнік з’яўляецца надмагіллем двух чалавек, асноўная колькасць прадстаўленых на ім сімвалаў адносіцца да асобы Андрэя Снядэцкага, іншыя ці паказваюць на род і шляхецкае паходжанне, ці маюць дачыненне да хрысціянства і смерці. Да ліку першых адносяцца выявы посаха Асклепія і хімічнай лабараторыі, якія ўказваюць на прафесійную дзейнасць памерлага. Цікавай з’яўляецца прысутнасць урабораса — змяі, якая кусае свой хвост, старажытнага сімвала, які азначае калаварот быцця і перараджэнне. Гэта адзіны вядомы нам выпадак яго прысутнасці на беларускіх надмагіллях, таксама, як і выявы хімічнай лабараторыі. Да родавай сімволікі адносіцца герб «Ляліва». Хрысціянская сімволіка і сімвалы, якія маюць дачыненне да смерці і часу, прадстаўлены вельмі шырока. Да іх адносяцца, акрамя традыцыйнага крыжа, выявы маку, клепсідры, перавернутых паходняў. Лісты эўкаліпту ці падобнай да яго расліны ў дадзеным выпадку, верагодна, маюць толькі дэкаратыўны характар. Такім чынам, можна сцвярджаць, што помнік Андрэя Снядэцкага з’яўляецца адным з самых багатых па сваёй сімвалічнай нагрузцы надмагілляў з першай паловы XIX ст. на тэрыторыі Беларусі.
Сёння ён знаходзіцца ў добрым стане, страчаны толькі адзін з ракайляў на урне. Эстэтычна неапраўданай была афарбоўка дэкаратыўных элементаў урны каляровымі алейнымі фарбамі яшчэ ў савецкі перыяд, якія на сёння амаль цалкам сцерліся.
Зноскі
- ↑ Сяргей Грунтоў. Помнік Андрэя Снядэцкага ў Гародніках // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — С. 376—383.
Літаратура правіць
- Сяргей Грунтоў. Помнік Андрэя Снядэцкага ў Гародніках // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — С. 376—383.
Спасылкі правіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага
- Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага на сайце «Архіварта»