VII Усебеларускі народны сход — вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, скліканы і пачаў сваю работу ў Мінску ў Палацы Рэспублікі 24 красавіка 2024 года.
Перадгісторыя правіць
Усебеларускі народны сход як прадстаўнічы форум у 1996—2021 гадах адбываўся раз у пяць гадоў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са зменамі ўстаноўленымі праз рэферэндум 2022 года, УНС стаў «вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя» Рэспублікі Беларусь. Рашэнні УНС прымаюцца большасцю ад поўнага складу, яны абавязковыя для выканання і могуць адмяняць прававыя акты, іншыя рашэнні дзяржорганаў, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.
Асаблівасць новага статусу Усебеларускага народнага сходу — пасяджэнні не раз на пяць гадоў, а не радзей за раз на год. Тэрмін паўнамоцтваў УНС складае пяць гадоў.
Дэлегатамі сходу сталі: Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі заканадаўчай улады (дэпутаты Нацыянальнага сходу), прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады, старшыні абласных, раённых і гарадскіх выканкамаў, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў (350 чал.), прадстаўнікі кантраляванай уладай грамадзянскай супольнасці (400 чал.). Паводле заканадаўства, гранічная колькасць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу складае 1200 чалавек. На мерапрыемства таксама запрошаны больш як 700 гасцей.
Ход падзей правіць
Першае пасяджэнне адбылося 24-25 красавіка 2024 года. Старшынёй VII Усебеларускага народнага сходу выбраны Аляксандр Лукашэнка, намеснікам старшыні — Аляксандр Косінец. Дэлегаты таксама выбралі членаў Прэзідыума УНС у складзе 13 чалавек: Вадзім Богуш, Аляксандр Бранцэвіч, Канстанцін Бурак, Надзея Ермакова, Уладзімір Каранік, Марына Лянчэўская, Сяргей Палякоў, Сяргей Сівец, Руслан Страхар, Ірына Тылец, Дзмітрый Чарнякоў, Вольга Шпілеўская, Юрый Шулейка. Дэлегаты зацвердзілі Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну.
Зноскі правіць
- Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь . Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 красавіка 2024.
- Час выбраў нас! . БелТА. Праверана 24 красавіка 2024.